ЭСКІМО́СКАЯ МО́ВА,

адна з эскімоска-алеуцкіх моў. Пашырана сярод эскімосаў на Чукоцкім п-ве (Расія), на Алясцы (ЗША), у Канадзе, Грэнландыі (Данія, дзе яна служыць мовай астраўной аўтаноміі; у астатніх рэгіёнах — мовай побытавых зносін). Мае 2 групы дыялектаў: юіцкую і інуіцкую. Э.м. — аглюцінатыўна-полісінтэтычная. Ёй уласцівы: у марфалогіі — 7 склонаў, суфіксальнае словаўтварэнне, наяўнасць іменных і дзеяслоўных асноў, якія, далучаючы да сябе серыі розных па семантыцы і функцыях суфіксаў, здольны выражаць значэнне цэлага сказа (т.зв. слова-сказ), лексіка-семантычным цэнтрам якога служыць толькі каранёвая марфема; у сінтаксісе — выразны падзел сказа паводле структуры на абсалютную і эргатыўную канструкцыі. Пісьменства ў Грэнландыі з сярэдзіны 19 ст., у СССР з 1930-х г. (у 1932—37 на лац. графічнай аснове, з 1937 на аснове рус. графікі), у ЗША і Канадзе — з 1970-х г. (на аснове лац. графікі).

Літ.:

Меновщиков Т.А. Грамматика языка азиатских эскимосов. Ч. 1—2. М.; Л., 1962—67.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)